Тэматычная сустрэча з удзелам выкладчыкаў кафедры беларускай і замежных моў і курсантаў прайшла пад назвай “Звініць твой голас малады” і была прысвечана 130-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча – аднаго са слынных беларускіх паэтаў.
Менавіта неўміручыя творы генія нашага народа, прасякнутыя філасофскім асэнсаваннем свету, жаданнем жыць у міры, быць шчаслівым, і сёння спрыяюць кансалідацыі грамадства, згуртаванню беларускага народа на аснове ідэй суверэнітэту і незалежнасці краіны.
Традыцыйна кафедра пад час гэтага ўрачыстага мерапрыемства арганізуе творчыя сустрэчы з вядомымі грамадскімі дзеячамі, навукоўцамі Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікамі беларускай культуры.
Гасцямі акадэміі былі акадэмікі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, дактары філалагічных навук прафесары Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, навуковыя супрацоўнікі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, супрацоўнікі рэдакцыі часопіса «Роднае слова», сын народнага паэта Беларусі Якуба Коласа доктар тэхнічных навук Міхась Міцкевіч.
Урачыстую сустэчу адкрыла прафесар кафедры беларускай і замежных моў, доктар філалагічных навук, прафесар Валянціна Мароз, якая ў сваім уступным слове падкрэсліла сутнаснае значэнне роднай мовы ў гісторыі кожнага народа.
На працягу мерапрыемства яго ўдзельнікі разам з вядучымі, курсантамі першага курса крымінальна-выканаўчага факультэта Кацярынай Жытко і Уладзімірам Жлабовічам, не толькі ўспомнілі вядомыя факты з жыцця Максіма Багдановіча, але і пазнаёміліся з малавядомымі старонкамі біяграфіі паэта.
Глыбокае эстэтычнае ўздзеянне на прысутных аказалі вершы беларускага мастака слова, якія прадэкламавалі курсанты факультэта міліцыі і следча-экспертнага факультэта. Курсант факультэта міліцыі Мурзіч Мікіта выканаў песню ў аўтарскай аранжыроўцы на верш Максіма Багдановіча “Слуцкія ткачыхі”. Не засталася па-за ўвагай і творчасць беларускіх паэтаў, прагучалі вершы Максіма Танка, Юрыя Свіркі, Михася Пазнякова, Леаніда Дранько-Майсюка.
З вершам уласнага сачынення “Бацька Захар” выступіў курсант першага курса факультэта міліцыі Ваховіч Віталь. Не пакінуў нікога абыякавым і верш “Бацькі”, які Барысевіч Ягор, таксама першакурснік факультэта міліцыі, прысвяціў сваім бацькам.
Напрыканцы мерапрыемства слова ўзяла начальнік кафедры беларускай і замежных моў палкоўнік міліцыі Таццяна Катцова, якая павіншавала ўсіх прысутных з Днем роднай мовы. Яна таксама павіншавала з юбілеем да Дня нараджэння прафесара кафедры, кандыдата педагагічных навук, дацэнта, Заслужанага работніка адукацыі Святлану Дзянісаву, якая больш за 20 год узначальвала кафедру беларускай і замежных моў, абараніла кандыдацкую дысертацыю па методыке выкладання замежных моў (па рэспубліцы такіх спецыялістаў менш за 30), ей уручылі падзяку і памятны адрас ад імя кіраўніцства міліцэйскай ВНУ.
Кафедра беларускай і замежных моў
Фота ГІГС Акадэміі МУС